Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Паняцце тэрміна. Тэрміналогія




Развіццё навукі прыводзіць да ўзнікнення новых прадметаў, рэчываў, аб'ектаў, паняццяў, з'яў і г. д. Такая акалічнасць абумоўлівае і з'яўленне спецыяльных слоў для іх наймення. Аднак не кожнае спецыяльнае слова становіцца тэрмінам.

Тэрмін (ад лац. terminus – канец, мяжа) – гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, якое дакладна абазначае пэўнае паняцце з галіны навукі, тэхнікі, мастацтва, вытворчасці, эканомікі, палітыкі ды інш. Як зазначае В. А. Ляшчынская: «Асаблівасць тэрмінаў заключаецца ў тым, што значэнне звычайнага слова можа быць растлумачана, а значэнне, сутнасць тэрміна павінна быць вызначана»[8].

Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі або прафесіі называецца тэр­міна­­логіяй. Існуе тэрміналогія лінгвістычная, медыцынская, тэхнічная, філасоф­ская, педагагічная, псіхалагічная, астранамічная ды інш. Для кожнай навукі, такім чынам, існуе менавіта свой штучна створаны набор лексічных адзінак, выкарыстанне якога абмежавана той ці іншай навуковай галіной. Акрамя таго, тэрміналогія – гэта сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай мовы (беларуская тэрміналогія).

Тэрміны адрозніваюцца ад агульналітаратурных слоў цэлым шэрагам асаблівасцей. Сярод такіх спецыфічных рыс вылучаюцца:

1) Сістэмнасць, г. зн. што кожны тэрмін з’яўляецца адзінкай пэўнай тэр­міналагічнай сістэмы, якая абмежавана адной галіной навукі. Таму сваю сутнасць тэрміны выяўляюць толькі ў межах адной сістэмы. Напрыклад, адназначнасць тэрмінаў падкрэсліваецца менавіта праз прыналежнасць да адпаведнай сістэмы. Параўнайце: слова эліпс у мовазнаўстве абазначае 'пропуск у маўленні слоў ці словазлучэнняў, зразумелых з кантэксту ці з канкрэтнай сітуацыі', а эліпс у матэ­ма­тыцы – 'замкнёная крывая, якая мае такую ўласцівасць, што сума адлег­ласцей кожнай яе кропкі ад дзвюх дадзеных кропак (фокусаў) застаецца пастаяннай'.

Па-за межамі тэрміналагічнай сістэмы адбываецца дэтэрміна­лагі­зацыя тэрміна – ператварэнне таго ці іншага тэрміна ў не­спецы­яль­ную лексічную адзінку, іншымі словамі, страта тэрмінам спецыяльнага значэння: рэакцыя як хімічны тэрмін і дзеянне, амплітуда, раман і пад.

2) Наяўнасць дэфініцыі (азначэння). Калі звычайнае слова можа быць растлумачана, то сутнасць тэрміна павінна быць вызначана.

3) Імкненне да адназначнасці ў межах сваёй тэрміналагічнай сіс­тэмы. Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы ці тэхніцы, а кож­наму паняццю павінен адпавядаць толькі адзін тэрмін (напрыклад, літа­ра­туразнаўчыя тэрміны: рыфма, ямб; лінгвістыч­ныя: сінонім, антонім, дзеяслоў, аказіяналізм). Аднак гэта патрабаванне да тэрмінаў не заўсёды вытрым­ліва­ец­ца, бо мнагазначнасць як з’ява, шырока прадстаўленая ў агульнай лексіцы, знаходзіць пашырэнне і ў тэрміналогіі (напрыклад, абзац – 'адступленне ўправа ў пачатку радка' і 'частка тэксту паміж такімі адступленнямі'; слова­ўтварэнне – 'утва­рэнне новых слоў' і 'раздзел мовазнаўства, які вывучае марфемную структуру слоў і спосабы іх утварэння').

4) Адсутнасць экспрэсіі. Нават тэрміны, якія ўзнікаюць на аснове воб­разнага пераасэнсавання паняцця, губляюць экспрэсіўна-эмацыя­нальную афарбоўку: нос (мыс), рукаў (ракі), складкі (гор), чырвоны радок, гарлачык жоўты, хвосцік (батан.) і пад.

Назіранні даследчыкаў паказваюць, што тэрміны ў пэўнай тэрміна­лагічнай сістэме могуць уступаць у сінанімічныя адносіны (хоць гэтыя адносіны вельмі спецыфічныя), а таксама мець лексічныя дублеты або ва­рыянты. Напрыклад, для абазначэння аднага і таго ж паняцця «тра­вя­ністая расліна сямейства касачовых з вузкім лісцем і сінявата-фіяле­тавымі кветкамі» выкарыстоў­ваюцца словы крокус і шафран (параўн. таксама эліпс і эліпсіс і пад.). Узнік­нен­не варыянтаў-тэрмінаў, сінонімаў-тэрмінаў, лексічных дублетаў тлума­чыц­ца для беларускай мовы нераспрацаванасцю многіх тэрміналагічных сістэм, абмежава­насцю беларускамоўных тэрмінаў, а таксама стыхійнасцю моўных кантактаў. На нераспрацаванасць беларускай тэрміналогіі, у прыватнасці, паказ­ваюць паралелі тыпу натуральны газпрыродны газ, шурпатыняроўны, аўтэнтычнысапраўдны, правільны (які адпавядае арыгі­налу) і пад. Стыхійнасць моўных кантактаў падкрэсліваецца ўжываннем адназначных паралельных слоў, сярод якіх два іншамоўныя тэрміны: аўтамагістральаўтастрада, кантралёррэвізор, гаваньпорт; іншамоўны і ўласны тэрмін: экспартвываз, маторрухавік, філіграньвадзяны знак, фурун­кулскула; поўны тэрмін і скарочаны, аднаслоўны: ваенны камісарыятваенкамат, намінальная цананамінал. Сінаніміка тэрмінаў у мове не пажадана.

Акрамя таго, тэрміны могуць абазначаць супрацьлеглыя паняцці, што дазваляе вылучыць тэрміны-антонімы. У мове яны падзяляюцца на лексічныя (розныя лексемы з супрацьлеглым значэннем) і слова­ўтваральныя (адрозніваюцца толькі словаўтваральнымі элементамі). Сустракаюцца тэр­міны-антонімы практычна ў кожнай галіне навуковай дзейнасці: лексічныя – актыў/пасіў, форта/піяна, лізіс/крызіс, брады­кардыя/тахікардыя ды інш.; словаўтваральныя – мікрацэфалія (мікра­ке­фалія)/макрацэфалія (макраке­фалія), мантаж/дэмантаж і пад.

Аманімічныя тэрміны часцей за ўсё адносяцца да розных тэрміна­лагічных сістэм (іх называюць міжнавуковымі амонімамі). Так, слова марфалогія вядома некалькім тэрміналагічным сістэмам. Напрыклад, у мовазнаўстве – гэта «раздзел граматыкі, які вывучае формы слова», у анатоміі – «навука аб форме і будове чалавека і жывёл», у батаніцы – «навука, якая вывучае будову і формаўтварэнне раслін» і пад.

Як ужо адзначалася, тэрміны бываюць агульназразумелыя і вузкаспецы­яльныя. Агульназразумелыя тэрміны ўваходзяць у лексіку агульнанароднай мовы, сэнс іх вядомы і неспецыялісту: галосны, зычны, дыягназ, аспірын, кіслата, кісларод, атам, метад, электрон ды інш. Большасць тэрмінаў вузкаспецыяльныя, іх разумеюць толькі спецыялісты: суфіксоіды, люміна­форы 'рэчывы, якія выклікаюць свячэнне'. Распаўсюджванне навуковых і тэх­ніч­ных ведаў сярод людзей вядзе да таго, што некаторыя вузка­спецы­яльныя тэрміны паступова становяцца агульназразумелымі.

Узаемадзеянне тэрміна і агульнаўжывальнай лексікі адбываецца ў выглядзе двух працэсаў – працэсу тэрміналагізацыі і працэсу дэтэрміналагізацыі (тэрмін пачынае ўжывацца па-за межамі вузкай спецыяльнай сферы і набывае агульналітаратурны статус). Напрыклад: слова рэйтынг спачатку ўжывалася як спартыўны тэрмін, зараз шырока выкарыстоўваецца ў агульнана­роднай мове.

Паводле будовы тэрміны суадносяцца са словамі ці спалучэннямі слоў, часцей словазлучэннямі. Словы-тэрміны ў сваю чаргу падраздзяляюцца ў залежнасці ад часціны мовы: назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі.

Асноўную колькасць слоў-тэрмінаў складаюць назоўнікі, як правіла агульныя. У якасці аднаслоўных тэрмінаў досыць часта выкарыстоў­ва­юц­ца ўласныя імёны, якія пасля пераходу ў разрад тэрмінаў сталі агуль­нымі назоўнікамі (ампер, ват, генры, грэй, джоўль, ньютан, паскаль).

Прыметнікі ў якасці слоў-тэрмінаў ўжываюцца даволі рэдка, па­коль­кі прыметнік, як правіла, спалучаецца з назоўнікам, утвараючы словаз­лучэнне: субстантыўны, адвербіяльны, аб’ектыўны, абсалют­ны, кагнітыўны, сенсорны, сукцэсіўны (паслядоўны), саматычны і г. д.

Не ўсе даследчыкі пагаджаюцца з існаваннем тэрмінаў-дзеясловаў, аднак слоўнікі падаюць канібалізаваць, рэкламаваць, фрахтаваць, экспартаваць, намагнічваць, накаксаваць.

Тэрмінаў-прыслоўяў няшмат: унутрывенна, рэгрэсіўна, унакладку, усу­тык і некаторыя іншыя.

Словазлучэнні-тэрміны надзвычай шырока выкарыстоўваюцца ва ўсіх галінах навукі і тэхнікі. Сярод іх выдзяляюцца свабодныя (рынак пакупніка, ры­нак прадаўца, сегмент рынку, ёмкасць рынку) і несвабодныя словазлучэнні (лазерная плазма, бацькоўская фірма). У якасці кампанента тэрмінаў-словазлучэнняў могуць выступаць уласныя назоўнікі (закон Ампера, Ленца, Кулона). Найбольш пашыранымі слова­злучэннямі з’яўляюцца спалучэнні, утвораныя па мадэлі пры­метнік + назоўнік (макрыца чырвоная, ідыяграфічны метад, аналі­тыч­ныя суджэнні, гравітацыйнае абагачэнне і пад.).

Адметнасцю сучаснай навуковай тэрміналогіі беларускай мовы з’яў­ляюцца трох- і большкампанентныя тэрміны. Яны таксама абазна­чаюць адно цэласнае паняцце, іх не заўсёды можна замяніць адным словам: зона бліжэйшага развіцця, каштоўнасная арыентацыя асобы, апрацоўка ў акісляльным асяроддзі ды інш.

Часткова састаўныя тэрміны ўсё ж спрашчаюцца, утвараючы складаныя словы, словы-абрэвіятуры, або замяняюцца іншамоўнымі словамі: капітальныя ўкладаннікапукладанні, час адпачынку з суботы да панядзелка – уік-энд, прафесарска-выкладчыцкі састаў – ПВС, унутраны валавы прадукт – УВП і пад.

Тэрміналагічная лексіка неаднародная паводле паходжання. У яе склад уваходзяць уласнабеларускія і запазычаныя з розных моў словы. Ся­род запазычанняў – лексемы лацінскай (аўдыт, актава, ангіна), грэ­ча­скай (метафара, аналогія, драма, іронія), англійскай (бізнес, менедж­мент, фальклор), нямецкай (біржа, гільза, борт), французскай (акцыя, бензін, жаргон, партрэт, пейзаж), італьянскай (мецца-сапра­на, фар­тысіма, фірма) ды іншых моў. Як правіла, усе запазычаныя іншамоўныя тэрміны адаптаваліся ў беларускай мове згодна яе законаў.







Дата добавления: 2015-08-30; просмотров: 2023. Нарушение авторских прав

codlug.info - Студопедия - 2014-2017 год . (0.014 сек.) русская версия | украинская версия