Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Скланенне назоўнікаў




Склонавыя канчаткі назоўніка залежаць ад асновы слова і націску; у некаторых выпадках – ад лексічнага значэння слова.

Назоўнікі 1 скланення ў давальным і месным склонах маюць адноль­кавыя канчаткі:

Склон Аснова на
мяккі цвёрды зацвярдзелы г, к, х
Н. песня фарба мяжа кніга лявоніха пляцоўка
Д. песні фарбе мяжы кнізе лявонісе пляцоўцы
М. песні фарбе мяжы кнізе лявонісе пляцоўцы

Канчаткі назоўнікаў 2 скланення ў родным склоне залежаць ад лексічнага значэння слова:

Канчаткі -а (-я) маюць назоўнікі, што абазначаюць: Канчаткі -у (-ю) маюць назоўнікі, што абазначаюць:
– назвы асоб, жывых істот: спартсмена, мастака, бусла; – назвы органаў і частак цела чалавека і жывёлы: зуба, ілба, носа, алетвару; – канкрэтныя прадметы: пэндзаля, мяча, гармоніка; – арганізацыі, прадпрыемствы, установы: універсітэта, клуба, ліцэя; – спартыўныя гульні, віды спорту, танцы: крыжачка, футбола, тэніса; – населеныя пункты, геаграфічныя і астранамічныя паняцці: горада, Мінска, хутара; – адзінкі вымярэння: года, метра, літра; – навуковыя тэрміны: твора, сюжэта; – назоўнікі ніякага роду: возера, акна, мора. – абстрактныя паняцці, якасці, дзе­янні, стан: бегу, вопыту, смутку, ідэалу; – прасторавыя паняцці: шляху, лесу, стэпу; – грамадскія фармацыі, навуковыя плыні, тэорыі: класіцызму, імпрэсія­нізму; – зборныя прадметы: калектыву, фальк­лору, інвентару; –рэчывы, хімічныя злучэнні, элемен­ты: клею, бензіну, цукру; – з’явы прыроды, стыхійныя бедст­вы: снегу, ветру, марозу.

Канчаткі назоўнікаў 2 скланення ў месным склоне залежаць ад асновы і лексічнага значэння:

Канчатак Умовы ўжывання Прыклады
усе асабовыя (у тым ліку і ўласныя назвы) і неасабовыя назоўнікі з цвёрдай асновай пры бегуне, на стадыёне, у запісе
усе неасабовыя назоўнікі з асновай на г, х, якія чаргуюцца з з, с на лузе, у кажусе
усе неасабовыя назоўнікі з мяккай асновай у жыцці, полі, агні
усе неасабовыя назоўнікі з зацвярдзелай асновай на сонцы, аб дажджы
асабовыя назоўнікі з асновай на зацвярдзелы і заднеязычныя пры мастаку, Мележу
усе неасабовыя назоўнікі з асновай на к у сшытку, на азярку
агульныя і ўласныя назоўнікі з асновай на г, х, калі яны не чаргуюцца з з, с подзвігу, дыялогу, Бугу
назоўнікі ва ўстойлівых спалучэннях на хаду, на ляту, на віду, з разбегу
назоўнік пост стаяць на пасту
асабовыя назоўнікі з асновай на мяккі зычны пры герою, Мікалаю
некаторыя назоўнікі ніякага роду з націскам на канчатку малако – малацэ
назоўнік двору значэнні ‘прастора спявалі на дварэ (вуліцы)

Назоўнікі 3 скланення ў родным, давальным і месным склонах маюць аднолькавыя канчаткі – -ы(-і). У творным склоне апошні зычны асновы ў становішчы паміж двух галосных падаўжаецца: повяззю, паралеллю, гладдзю, моладдзю, педаллю. Але: узнёсласцю, паваротлівасцю, добразычлівасцю. Не падаўжаюцца губныя зычныя (б, п, ф, м, в, ў) і р: глыб’ю, Сібір’ю, верф’ю.

Практыкаванне 55.

· Прачытайце тэкст.

· Знайдзіце назоўнікі, вызначце іх скланенне, запішыце ў табліцу, паставіўшы ў адпаведную склонавую форму.

1 скланенне давальны склон 2 скланенне родны склон 3 скланенне творны склон
     

Тэкст № 1. Здароўе – гэта першае, што зычаць немаўляці і яго бацькам на свяце радзін, у час адведзін парадзіхі: «Здарояў яму, быць вумнаму-разумнаму, бацькам пацехай у маладосці, кармільцам іх старасці».

Дзіця ад дзён нараджэння пачынаюць фізічна выхоўваць: дагля­даюць, сочаць за чысцінёй ягонага цела, праз адпаведныя прамежкі ча­су кормяць, загартоўваюць. Раней існавалі адпаведныя звычаі і аб­рады, замовы, скіраваныя на тое, каб дзіця расло здаровае. Так, напрыклад, кума павінна была разам з навародкам сесці на тачыльны камень – каб дзіця было моцнае ды здаровае. Е. Р. Раманаў пісаў: «Каб дзіцяня ніхто не сурочыў, трэба над калыскаю павесіць воўчы зуб. Таксама трэба ўсяляк засцерагаць ад ветру, каб не падзьмуў на дзіця ў калысцы». У гэтым – сапраўдны клопат пра фізічнае здароўе дзіцяці, засцярога ад прастуды перапляталася ў свядомасці народа са старажытным містычным павер’ем. (Г. Арлова.)

· Якія з назоўнікаў вы не ўключылі ў табліцу? Растлумачце чаму.

· Працягніце разважанне: «Галоўныя медыкаменты – гэта чыстае паветра, халодная вада, піла і сякера». (В. Д. Паленаў.)

Тэкст № 2. Яшчэ гадоў дзесяць таму змест слова «выцінанка» быў зразумелы хіба што спецыялістам ды найбольш дасведчаным прыхільнікам народнай творчасці. Праўда, многія, у тым ліку і далёкія ад мастацтва аматары, пад Новы год аздаблялі вокны папяровымі «сняжынкамі», але ніяк не звязвалі гэтыя вырабы з тым відам народнай творчасці, якім славілася, напрыклад, суседняя Польшча. Мастацкія пошукі асобных майстроў прыкметнага рэзанансу не выклікалі.

А потым неяк раптоўна цікавасць да забытага мастацтва стварэння па­пяровых карункаў пачала расці. Адраджаць даводзіцца амаль з нуля. Не­пасрэдна з гэтым звязана адна відавочная акалічнасць: прыкметная зме­­на характару сучаснай выцінанкі. Мала змяніліся хіба што тра­ды­цый­ныя фіранкі ды просценькія круглыя сурвэткі, выразаныя на кон­кур­се май­стрыхамі пераважна старэйшага пакалення. У цэлым жа сучас­ная вы­цінанка – ярка выяўленая мастацкая творчасць пераважна стан­ка­вага ха­рактару. Аформленыя пад шкло, у далікатныя рамачкі, такія тво­ры гля­дзяцца на дзіва сучасна і могуць аздобіць самы шыкоўны ін­тэр’ер. Юве­лір­на распрацаваныя, нярэдка досыць складаныя кам­па­зі­цыі ўражваюць глыбінёю зместу, яснасцю мастацкай мовы, яркай д­э­ка­ра­тыўнасцю пры фактычнай манахромнасці малюнка. (Паводле Я. Сахуты.)

· Падрыхтуйце вучэбны тэкст пра выцінанку.

Тэкст № 3. Вядомы мінскі мастак Віталь Герасімаў з’яў­ля­ец­ца сапраўдным прафесіяналам са сваім адметным мастацкім почыр­кам. Яго працы адразу прыцягваюць увагу гледачоў сваім тэмпе­ра­ментам і мастацкім густам. Галоўнай дзеючай асобай у яго творах з’я­ў­ляецца колер. У шматлікіх сваіх адценнях, плямах і лініях, складзеных у розныя рытмічныя формы, ён па волі мастака нараджае эмоцыі і стварае настрой. В. Герасімаў сцвярджае, што ўсе яго працы можна ад­несці да катэгорыі рэалізму. Тэрмін «рэалізм» паходзіць ад лацінскага слова realis, што азначае рэчаісны. Такім чынам, рэалізм – гэта ад­лю­стра­ванне рэчаіснасці мастацкімі сродкамі. Толькі рэчаіснасць Віталь бачыць па-асабістаму, праз сваю мастацкую прызму, якая знаходзіцца ў яго душы.

Творчасць Герасімава нагадвае працу музыканта-дырыжора. Роз­ніца ў тым, што ў Віталя замест дырыжорскай палачкі – пэндзаль, а замест гукаў – фарбы. Палітра яго – своеасаблівая эолава арфа: як тая рэагуе на любы подых ветрыка, так і мастак успрымае самыя тонкія адценні прыгожага. Па творах Віталя бачна, што ён уважліва пры­слу­хоўваецца да гэтага хаосу гукаў, уражанняў і пачуццяў, каб знайсці больш яскравыя выяўленні сваіх вобразаў і эмоцый. (В. Дударэнка.)

· Як вы лічыце, чаму аўтар параўноўвае мастака з дырыжорам?

· Карыстаючыся «Мифологическим словарем», растлумачце значэнне выразу эолава арфа.

Практыкаванне 56.

· Прачытайце тэкст.

· Падбярыце загаловак.

· Спішыце, раскрываючы дужкі, пастаўце назоўнікі ў форму адпаведнага склону.

· Высветліце значэнне выдзеленага слова.

Тэкст № 1. (Страх) перад вышынёй не было. Аляксей на (трэ­ні­роўкі) даўно прымерваўся да гэтых сантыметраў, сотні разоў ішоў на пругкае нацяжэнне рызінкі, часта зрываў яе, але часам і браў. Праў­да, Сяргей Панасавіч не дазваляў мераць трэніровачныя скачкі, але па ўзня­тых (зажымы) Аляксей адчуваў, што гэта – у межах (рэкорд)...

Стадыён затаіўся, быццам дыханнем баяўся здзьмухнуць гэтую лёгкую, кідкую ад першага (дотык), планку.

Аляксей зняў трыко, акуратна паклаў яго на лаўку, лёгка далонямі ма­сажнуў бёдры...Заплюшчыў вочы, да (дробязі) пракручваючы ў дум­ках усе фазы (разбег) і (скачок): пружыністая ступня, тры апошнія нара­ста­ючыя крокі, штуршок з махам (бядро), пераход не ўсляпую, а відушча, і – паспець выкінуць ногі ўверх!

Трыбун як не было. Чорная злітая маса (стадыён) замерла. Вы­свечаны сектар для скачкоў, як у (фокус), звёў да сябе ўсё электрычнае святло. Нават судзейскія столікі, здаецца, адступілі ў паўпрыцемак, за­тое­на глядзелі зводдаль. Усё чакала гэтага (скачок): трыбуны і суддзі, камен­татары і эфір...Чакала гарысполавае пакрыццё (сектар) – на­стру­ненага, упэўненага (разбег) красовак, магутнага (штуршок) левай нагі... Чакала планка. (А. Камароўскі.)

Тэкст № 2. Мастацтва як найвышэйшая выява духоўнай (сут­насць) прыйшло ў пачатку стагоддзя да (сімвалізм). Вытокі гэтага твор­чага (метад) – у народна-паэтычным (мысленне), і М. Шагал з пер­шых жа сваіх (палотны) пераканаўча гэта даказвае. Феномен М. Шагала за­мешаны на дзіўным спалучэнні (сімвал) і рэальнасці, канкрэтнага (ася­род­дзе), з якога ён выйшаў... М. Шагал зусім натуральна звяртаецца да бела­рускага (этнас), да хрысціянскай і асабліва да багатай беларускай дахрысціянскай абрадавай (вобразнасць), якая добра захавалася ў (народ). Прыгадаем хаця б (персанаж) М. Шагала, якія лятаюць,– яны ж усе «летуценнікі», адсюль, ад гэтага (корань)! Яскравыя элементы «паганскай», язычніцкай (культура), «паганскага» (пачатак) у М. Ша­га­ла – і ў кампазіцыі яго (палотны), у дзіўных (сны), у своеасаблівай род­насці ўсяго жывога, у адных і тых жа (матывы), якія паўтараюцца праз усю яго творчасць, у пастаянным вяртанні да роднага месца – да (дом), які запамінаецца на (карціны) выразнай рытмікай трох ці чаты­рох (вок­ны) і (дзверы) з адмысловым парталам, вяртанні да канкрэтнай га­радской вулачкі, нарэшце, да паўтораў абрысаў (Віцебск) з яго сабо­ра­мі, узгоркамі, няспешнай вулічнай мітуснёй. (Паводле В. Нікіфа­ровіча.)

Тэкст № 3. Здаўна селянін ставіўся да (хлеб) як да святыні. Хлеб – усяму галава. Для селяніна ён – жыццё, галоўнае багацце. Не­здар­ма хлеб услаўлены ў многіх народных (песня), нездарма яму пры­све­чана столькі прыказак, і зусім не выпадкова ўзнік звычай, адпаведна якому апошні сноп, упрыгожаны стужкамі, аставаўся «жыць» у (авін) да на­ступнага (ўраджай), і ўсё жыццё селяніна, такім чынам, працякала «на вачах» гэтага арэчаўленага Бога. Старажытныя славяне абага­тва­ралі хлеб, таму што ўсё іх жыццё залежала ад яго «прыхільнасці»: зародзіць – будзе шчасце ў доме, пакіне поле пустым – чакай (голад) і (бяда). Недарэмна існуе прыказка: «Бог не дась і зямля не родзіць». Менавіта ў сувязі з такім пакланеннем зарадзілася шмат абрадаў, (удзельнік) якіх з’яўляецца хлеб.

Да нашых дзён дайшла дзівосная традыцыя пячэння вясельнага свя­шчэннага хлеба – (каравай). Найбольш распаўсюджанай формай каравая была круглая. Вельмі часта верхняя частка каравая аздабля­лася абмалёўкай сонца, месяца, зорак, якія ў старадаўнасці служылі сімваламі (сям’я). Але магчыма і іншае тлумачэнне ўпрыгожванняў падобнага (род).

У больш далёкія часы круглы, гэта значыць у форме сонца, каравай з такімі аздабленнямі з’яўляўся сімвалам абагатвораных (свяцілы). На гэта ж паказваюць такія моманты вясельнага каравайнага (рытуал), як рух з караваем па гадзіннікавай (стрэлка), вымешванне цеста ў тым жа (напрамак) – «за сонцам». (Паводле Л. П. Касцюкавец.)

· Запішыце прыказкі і прымаўкі са словам хлеб. Літаратура: І. Я. Ле­пе­шаў, М. А. Якалцэвіч. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 2002. А. Ак­самітаў. Прыказкі і прымаўкі. Мн., 2000.

· Раскажыце пра вядомыя вам абрады, звязаныя з хлебам.

Практыкаванне 57.

· Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль.

· Знайдзіце назоўнікі, ужытыя ў множным ліку. Выпішыце слова­злу­чэн­ні з імі, вызначце склон, растлумачце правапіс канчаткаў назоў­нікаў. Адзначце варыянтныя канчаткі.

Тэкст № 1. Эфектыўным сродкам загартоўвання і павышэння агуль­нага тонусу з’яўляецце купанне ў натуральных вадаёмах і штуч­ных басейнах. У час купання карысна выконваць фізічныя практы­каванні.

Паскарэнне вывядзення большасці хімічных рэчываў з таксічнымі ўласцівасцямі (радыянукліды, свінец, бензол, ртуць, мыш’як, песты­цы­ды і інш.) можа быць забяспечана павышэннем функцыянальнай актыў­насці сістэм, адказных за іх вывядзенне. Да ліку такіх сістэм адносяцца сардэчна-сасу­дзіс­тая, мочавыдзяляльная, дыхальная і страўнікавая. Для павышэння іх функ­цыя­нальнай актыўнасці назначаюцца прак­ты­каванні для мышцаў ніжніх канеч­насцяў, дыяфрагмы, плечавога пояса, спіны, брушнога прэса, тазавага дна, дыхальныя практыкаванні. Комп­лексы гэтых практыкаванняў павінны спалу­чац­ца і чаргавацца з практыкаваннямі на павышэнне агульнага і эмацыйнага тонусу.

Павышэнню агульнага тонусу садзейнічаюць практыкаванні ў расслаб­ленні, на фарміраванне правільнай асанкі (перад люстэркам, ля сценкі), для мышц шыі, у раўнавазе, на каардынацыю, для трэніроўкі вестыбулярнага апарата (змяненне стану цела па адносінах да цэнтра цяжару, змяненне хуткасці прамалінейнага руху, раптоўныя астаноўкі, «змяшчэнне галавы», павароты). (Т. М. Шастакова, Т. Ю. Логвіна.)

· Выпішыце анатамічныя тэрміны. Прапануйце свае практыкаванні для трэніроўкі розных груп мышц.

Тэкст № 2. Калі чалавек упершыню знаёміцца са стара­жыт­нымі абразамі, з іканапісам, то ў яго часта ўзнікае пачуццё неад­па­вед­насці гэтых выяваў жыццёвай рэальнасці. Чалавек заўважае іх не­падобнасць да раней бачаных твораў жывапісу. Выявы Хрыста, Божае Маці, Святых – але партрэтамі іх не назавеш, не гістарычныя кар­ці­ны... Сапраўды, ікона, абраз – гэта асобны від мастацтва, які мае сваю, адметную сутнасць і мэту.

У партрэце мастак дае характарыстыку чалавеку, імкнецца рас­крыць асаб­лівасці характару, што склаўся пад уплывам пэўных інтарэ­саў, памк­ненняў, абставінаў жыцця, намагаецца пранікнуць ва ўнут­раны свет асобы, пе­ра­даць яе псіхічны стан, пачуцці і перажыванні. Аб’ектам мастака тут з’яў­ляецца менавіта асоба чалавека ў яе існых рысах і адносінах да навакольнага свету – людзей, прыроды, грамад­ства. Гэта зямная асоба ў зямным свеце. У парт­рэце адлюстроўваецца і характар самога мастака, ягонае стаўленне да гэтага чалавека – заў­сёды глыбока індывідуальнае і суб’ектыўнае. Аднаго і таго ж чалавека розныя мастакі бачаць па-рознаму – па-рознаму і адлюст­роўваюць.

Іншая справа – ікона: яна выяўляе не душу, а духоўную сутнасць, свядо­ма адыходзіць ад зямных дэталяў, страсцей, хваляванняў. Па­вод­ле вучэння Царквы, чалавек складацца з цела, душы і духу. Дух – гэ­та Божы пачатак у чалавеку, які менавіта толькі чалавек атрымаў пад­час тварэння і які надаў чалавеку вобраз Божы.

Вось гэтую духоўную, надчасовую сутнасць чалавека і адлюстроў­вае абраз праз выявы святых. У іх – прадстаянне чалавека перад Бо­гам, Ягонай веліччу, малітва і ўдзячнасць. Сапраўдны абраз – гэта ма­літ­ва, прамоўленая ў лініях і колерах, бо «дыханне душы ёсць малітва», яна – аснова несмярот­насці ў адзінстве з Богам.

Ікона, паводле царкоўнага разумення,– гэта багаслоўе у фарбах, акно ў іншы свет, праз які ідзе да чалавека Божая ласка, дабра­сла­вен­не, міласць як адказ на шчырую веру чалавека, на яго малітву, пакор­лівасць і пакаянне. Яна і навучэнне ў Законе Божым для непісьменных.

Абраз дапамагае верніку засяродзіцца, атрымаць мірнасць, супакой. (Паводле В. Дышыневіч.)

· Раскажыце, чым адрозніваюцца ікона і партрэт.

Тэкст № 3. Шматлікія вобразы вуснай паэзіі беларусаў ад­люст­роў­ваюць незлічонае багацце праяў навакольнага свету, прыроды, дзей­насці ча­лавека, яго духоўных пошукаў і адкрыццяў. Паводле Ю. М. Лотмана, мас­тацкая творчасць паўстае як адна з разнавіднасцяў працэсу мадэлявання рэ­чаіснасці, а твор мастацтва выступае адна­часо­ва як мадэль двух аб’ектаў – з’яў рэчаіснасці і асобы аўтара. У фальклорнай творчасці аўтарам з’яўляецца пэўны калектыў людзей, паколькі ранні традыцыйны фальклор адлюстроўвае духоўны свет не індывідуума, а цэлай абшчыны, дзе асоба яшчэ не вылучае сябе з сваёй сацыяльнай групы і нават з навакольнай прыроды.

У першабытным сінкрэтычным мастацтве, да якога адносіцца фальк­лор і якое фармавалася ва ўлонні міфалогіі, зліты вынікі пазна­валь­най, ства­раль­най, вартасна-арыентацыйнай і камунікатыўнай галін дзейнасці, адным сло­вам, у непарыўным адзінстве тут выступаюць пра­цоўная і пазнавальная дзей­насць, выхаванне, гульня, ацэнка, рытуал. Як адзначаў акадэмік Ю. В. Брам­лей, «...на працягу шмалікіх тысяча­годдзяў існавання перша­бытна­абшчыннага ладу ў этнасаў-плямёнаў скла­лася нямала спецыфічных рысаў духоў­най культуры, якія адроз­ні­валі іх нават ад найбліжэйшых суседзяў. Такога роду спецыфіка, у пры­ватнасці, вельмі прыкметна выяўляецца ў рэлі­гійных вераваннях. І гэта адносіцца да самых розных іх відаў і формаў праяў­лення, у тым ліку да адпаведных рэлігійных уяўленняў і рэлігійных паво­дзінаў».

Асаблівае значэнне на ранніх этапах развіцця грамадства мелі міфы. Задавальняючы патрэбу першабытных людзей у цэласным ма­люн­ку свету, міфы ў працэсе сацыялізацыі фармавалі іх света­разу­мен­не. І хоць міфа­лагіч­ная свядомасць не заўсёды адэкватна адлю­строў­вала рэчаіснасць, у тым ліку і гістарычнае мінулае, міф успрымаўся людзьмі як бясспрэчная праў­да. Не­ма­лую ролю ў фальклорным пра­цэсе адыгрывалі таксама агульна­племянныя звычаі і абрады. Усё гэта з’яўлялася глебай і матэрыялам для фальклору ў шырокім значэнні слова. (Л. Салавей.)

· Як вы разумеце значэнне выразу глеба і матэрыял для фальклору?

Практыкаванне 58.

· Спішыце тэкст, раскрываючы дужкі.

· Вызначце склон уласных назоўнікаў, абгрунтуйце правапіс іх кан­чаткаў.

· Падкрэсліце тэрміны, растлумачце іх значэнне, вызначце спосаб іх утварэння.

Тэкст № 1. Сезон-76 мінскае «Дынама» пачынала ў значна аб­ноў­леным складзе. Трывала стаяў на нагах Пракапенка, побач, ста­лею­чы ад матча да матча, надзейна ўзаемадзейнічалі Сяргей Бароўскі з (Юрый Курненін, Пётр Васілеўскі, Юрый Пудышаў). Яны неяк адразу знайшлі агульную мову, дапаўняючы свае лепшыя якасці стараннасцю, настойлівасцю, шчырасцю.

У сезоне 1979 года «Дынама» з беларускай сталіцы паўстала не толь­кі ў но­вым абліччы, але і са сваімі канцэпцыямі, стратэгіяй, так­ты­кай і дзеяннямі на полі наогул. Каманда папоўнілася (Віктар Януш­ке­віч, Юрый Трухан) у абароне, (Валерый Мельнікаў, Сяргей Гоцманаў, Ігар Гурыновіч) у сярэдняй лініі і нападзенні.

А калі ў тым жа 1979-м каманду ўзначаліў Эдуард Малафееў, ста­наў­­ленне і рост калектыву пайшлі літаральна на вачах. У тым ліку і яго, ад­наго з лідэраў «Дынама», (Аляксандр Пракапенка) – паў­абарон­цы па­водле амплуа, душы і завадатара – паводле прыроднага таленту.

Кожны з 41 мяча, забітага (А. Пракапенка) у вышэйшай лізе са­вец­кага футбола,– нібы ўзор для падручнікаў па самым любімым ў свеце відзе спорту. Гол жа, забіты (Аляксандр) на мінскім стадыёне «Дынама» ў вельмі важным і адказным матчы з кіеўскімі аднаклубнікамі (пяткай, стоячы спінай да варот саперніка),– суперузор. Той гол і сёння сніцца аматарам...(Паводле А. Мяснікова.)

Тэкст № 2. Нараджэнец (Бялынічы) на (Магілёўшчына), Ві­тольд Бялыніцкі-Біруля змалку добра ведаў жыццё роднай прыроды.

Мастацтву вучыўся ў Кіеўскай малявальнай школе (Мікалай Му­раш­ка) – колішняга аднакашніка (Ілья Рэпін) па Акадэміі мастацтваў. По­тым – у Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідства – у (Мі­ка­лай Неўраў, Сяргей Каровін, Іларыён Пранішнікаў, Васіль Паленаў).

Сёння ў розных музеях каля тысячы твораў (В. Бялыніцкі-Біруля). У ад­­ным толькі Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі – каля чатырох­сот.

Гэта майстар пейзажнага жывапісу. Нездарма (В. Бялыніцкі-Біруля) называюць беларускім (Левітан). Ён стварыў цудоўныя пейзажы «Зялёны май», «Беларусь. Пачатак лета», «Зноў расквітнела вясна», «Ранняя вясна», «Блакітная капліца», «Зімовы сон». (Паводле У. Бойкі.)

· Растлумачце правапіс вялікай літары.

Тэкст № 3. Міфалагічная школа, кірунак у фалькла­ры­стыцы і этнаграфіі ХІХ ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універ­сальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнаграфічных з’яў. Асноўныя пала­жэнні міфалагічнай школы былі распрацаваны братамі (Я. і В. Грым), немцам (А. Кун), англічанінам (М. Мюлер). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды. як рэшткі старажытнага, так званага міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў – сонца, месяца, хмар, грому і інш... Асновай народнага светапогляду міфалагічная школа лічылі міф.

Сярод прыхільнікаў міфалагічнай школы ў Расіі можна назваць (А. М. Афанасьеў, Ф. І. Буслаеў, А. Ф. Мілер, А. А. Патабня) і інш. На Бела­русі была пануючым кірункам першай паловы і ў 60–70-я г. ХІХ ст. З па­зіцый міфа­лагічнай школы напісаны этнаграфічныя працы (П. М. Шпілеўскі, А. Кіркор). На аснове прынцыпаў міфалагічнай школы (П. М. Шэйн) была складзена «Праг­рама для збірання помнікаў народ­най творчасці». (Паводле М. Ф. Пі­лі­пенкі.)

· Растлумачце правапіс канчаткаў назоўнікаў роднага склону.

Практыкаванне 59.

· Прачытайце тэкст.

· Вызначце стыль.

· Выпішыце назоўнікі – словы спецыяльнай лексікі. Вызначце спосаб іх утварэння.

Тэкст № 1. Мая абранніца была адной з лепшых спартсменак школы, бегала на кароткія дыстанцыі. Я, вядома ж, таксама захапіўся спор­там. Праўда, не лёгкай атлетыкай, а футболам, сапраўдным занят­кам сапраўдных мужчын. Спачатку стаяў на варотах, але неўзабаве абрыдла расплочвацца за чужыя прамашкі. «Фінтануць» абаронцаў, выйдуць нос у нос з галкіперам – і даставай мяч з сеткі. І тады ж тыя самыя абаронцы, што ў час гульні поўзалі па полі, як гусенічныя трак­тары, крычаць табе са злосцю: «Ну што ты мух ловіш, Яшын?» Проз­вішча Яшын вымаўлялася ў такіх выпадках, вядома ж, з найвялікшай іроніяй і сарказмам. Я махнуў рукой на лаўры Яшына і пачаў гуляць левым абаронцам, нумарам чацвёртым. (Л. Дайнека.)

· Утварыце ад слова спорт як мага больш слоў, карыстаючыся роз­нымі спосабамі словаўтварэння. Складзіце з імі тэкст. Паспрабуйце ўжываць самастойныя словы толькі на літару с.

Тэкст № 2. Сутнасць ідэі, знойдзенай мастакамі,– у адзін­стве дэкаратыўнай, функцыянальнай і сімвалічнай ролі свя­ціль­нікаў – галоўнага элемента мастацкага афармлення інтэр’ераў Палаца Рэспублікі. Правобразам іх сталі традыцыйныя народныя вырабы з саломкі – «павукі», якія падвеш­валіся ў хатах, каб адганяць злых духаў, лічыліся сімваламі земляробства і ўраджайнасці. У якасці модульнага элемента для стварэння кампазіцый дэкаратыўных свяцільнікаў быў вы­браны геаметрычна правільны аб’ёмны ромб са шкла. Ужо сам гэты эле­мент аб’ядноўвае ў сабе нацыянальную традыцыю саломапля­цен­ня – цэнтральны вобраз мастацкай канцэпцыі і універсальнасць паза­часавай формы, якая складзена з двух пірамідаў, пустых унутры, з роз­ны­мі варыянтамі апрацоўкі ўнутранай паверхні для стварэння эфектаў свячэння. Угрунтаваны на народнай традыцыі, вобразны модуль адна­ча­сова архітэктанічны і па-канструктывісцку сучасны. Пры агульнай ха­лод­най каларыстычнай гаме інтэр’ераў ззянне крышталяў шкла і бляск ла­туні свяцільнікаў надаюць ім асаблівую ўрачыстасць, разам з тым аса­цыіруюцца з лёгкімі ажурнымі вырабамі з саломкі. (Паводле А. Шамрука.)

· Утварыце ад слова мастак як мага больш слоў, карыстаючыся роз­нымі спосабамі словаўтварэння. Складзіце з імі тэкст. Паспрабуйце ўжываць самастойныя словы толькі на літару м.

·

Тэст «Назоўнік»

1. Адзначце назоўнікі жаночага роду:

1) назіральнасць, 2) маўленне, 3) слова,

4) здольнасць, 5) развага.

2. Адзначце назоўнікі мужчынскага роду:

1) фламінга, 2) Палерма, 3) журы,

4) БелСЭ, 5) рэферы.

3. Адзначце назоўнікі, якія маюць формы толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку:

1) выхаванасць, 2) лекцыі, 3) геніяльнасць,

4) адносіны, 5) веды.

4. Адзначце назоўнікі, якія ў форме давальнага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак -і:

1) адаптацыя; 2) гульня, 3) алімпіяда,

4) гіпотэза, 5) хлусня.

5. Адзначце назоўнікі, якія ў форме меснага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак -ы:

1) ацэнка, 2) лекцыя, 3) аспірантура,

4) эстэтыка, 5) воля.

6. Адзначце назоўнікі, у аснове якіх у форме давальнага і меснага склону адзіночнага ліку адбываецца чаргаванне гукаў:

1) гутарка, 2) школа, 3) увага,

4) характарыстыка, 5) псіхіка.

7. Адзначце назоўнікі, якія ў форме роднага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак -у (-ю):

1) прафесар, 2) навык, 3) слоўнік,

4) інтарэс, 5) фестываль.

8. Адзначце назоўнікі, якія ў форме роднага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак –а (-я):

1) уяўленне, 2) універсітэт, 3) сінтэз,

4) вобраз, 5) рэферат.

9. Адзначце назоўнікі, якія ў форме меснага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак –е:

1) выхаванец, 2) спаборніцтва, 3) прагматызм,

4) вучань, 5) школьнік.

10. Адзначце назоўнікі, якія ў форме меснага склону адзіночнага ліку будуць мець канчатак -у (–ю):

1) геній, 2) інтэлект, 3) факультэт,

4) настаўнік, 5) дырэктар.

11. Адзначце назоўнікі, у аснове якіх у форме творнага склону адзіночнага ліку адбываецца падаўжэнне гукаў:

1) пісьменнасць, 2) роля, 3) памяць,

4) дзейнасць, 5) Беларусь.

12. Адзначце назоўнікі, якія ў форме роднага склону множнага ліку маюць нулявы канчатак:

1) каледж, 2) дыскусія, 3) алімпіяда,

4) методыка, 5) залік.

13. Адзначце прозвішчы, якія не скланяюцца:

1) Тарас Шаўчэнка, 2) Ніна Мацяш, 3) Сымон Баранавых,

4) Антаніна Хатэнка, 5) Павел Місько.

14. Адзначце назоўнікі, якія пішуцца разам:

1) (культ)паход, 2) (света)погляд, 3) (віцэ)прэзідэнт,

4) (яслі)сад, 5) (края)знаўства.

15. Адзначце назоўнікі, якія пішуцца праз злучок:

1) (друга)годнік, 2) (экс)чэмпіён, 3) (сама)свядомасць,

4) (Санкт)Пецярбург, 5) Дунін(Марцінкевіч).







Дата добавления: 2015-08-30; просмотров: 1702. Нарушение авторских прав

codlug.info - Студопедия - 2014-2017 год . (0.016 сек.) русская версия | украинская версия